Сяргей Калякін («СПРАВЯДЛІВЫ СВЕТ»): 60-80% сёняшніх дэпутатаў захаваюць мандаты

Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін выказаў сваё стаўленне да будучых парламенцкіх выбараў. Нагадаем, што кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына прапанавала правесці парламенцкія выбары 17 лістапада гэтага году.

Сяргей Калякін: Наша партыя будзе прымаць удзел у гэтай выбарчай кампаніі. Будзем вылучаць кандыдатаў у дэпутаты, назіральнікаў, сваіх прадстаўнікоў у камісіі. Трэба папрацаваць з людзьмі падчас кампаніі, выкарыстаць гэты шанец.

РР: На які вынік разлічваеце?

Сяргей Калякін: Паколькі ў мяне няма сумненняў, што выбары правядуць па старым шаблоне, то і вынік будзе ранейшым. Можа быць, зробяць адносныя паслабленні падчас вылучэння кандыдатаў, агітацыі і збора подпісаў, але што тычыцца падліку галасоў, то гэта традыцыйна будзе пад грыфам “сакрэтна”. І наўрад ці гэта будзе суадносіцца з тым, чаго жадаюць выбаршчыкі.

РР: Але беларускі кіраўнік заклікаў, каб гэтыя выбары правялі дэмакратычна…

Сяргей Калякін: Ён сказаў, каб правялі кампанію, як заўсёды дэмакратычна. А мы добра ведаем, як у нас праходзяць выбары “як заўсёды”.

РР: Ці пройдзе гэтым разам у парламент некалькі чалавек ад апазіцыі?

Сяргей Калякін: Не абавязкова ад апазіцыі, могуць прапусціць кагосьці ад грамадзянскай супольнасці, як, напрыклад, было мінулым разам з Аленай Анісім. Але, як мне падаецца, многія з сёлетняга парламента захаваюць свае мандаты, змена будзе не вельмі вялікая. Не выключана, што быў дасягнуты кампраміс паміж беларускім кіраўніком і дэпутатамі з улікам таго, што яны сыходзяць на дзевяць месяцаў раней. Мяркую, адсоткаў 60-80 дэпутатаў са старога складу застануцца ў новым парламенце.

Крыніца — Беларускае Радыё Рацыя