Віцебскі “Справядлівы сьвет” заявіў пра намер удзельнічаць у выбарах

На паседжаньні бюро Віцебскай гарадзкой арганізацыі сябры Беларускай партыі аб’яднаных левых “Справядлівы сьвет” разгледзелі ход падрыхтоўкі да ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах.

Як сказаў кіраўнік Віцебскай абласной арганізацыі партыі “Справядлівы сьвет” Мікалай Селівашка,  перад гарадзкімі і раённымі арганізацыямі пастаўленая задача падрыхтаваць свае  прапановы па кандыдатах і ў камісіі, і ў дэпутаты.

Можна казаць пра тое, што падрыхтоўка да выбарчай кампаніі пачалася. Канчатковае ж рашэньне будзе прымацца на абласным пленуме і на паседжаньні ЦК партыі.

“Рыхтавацца трэба загадзя, каб пасьля аб’яўленьня даты выбараў ня дзейнічаць у аўральным рэжыме. Часу на разгойдваньне ня будзе. Тры-пяць дзён – і трэба падаваць дакумэнты, – кажа Селівашка.

Старшыня Віцебскай гарадзкой арганізацыі Галіна Барэйка пераконвае, што сябры партыі будуць вылучацца ва ўсе выбарчыя структуры ды будуць удзельнічаць на ўсіх выбарчых этапах.

“Вылучым сваіх прадстаўнікоў у акружную, абласную, тэрытарыяльныя і ўчастковыя камісіі. Неўзабаве мяркуем пачаць прадметныя размовы з усімі нашымі магчымымі кандыдатамі ў дэпутаты. Пастараемся закрыць у Віцебску ўсе  гарадзкія і абласныя акругі, – паведаміла Галіна Барэйка.   

Сябра партыі Вадзім Кузьмін са сваім удзелам у выбарах ужо вызначыўся. Як загартаваны ўдзельнік ранейшых выбарчых кампаніяў, Кузьмін пераконвае, што выбары – адзіная магчымасьць свабодна праводзіць агітацыю, без пагрозы быць арыштаваным ці аштрафаваным.

“Для мяне выбары – гэта магчымасьць данесьці да выбарцаў тое, што я думаю. Да таго ж, гэта магчымасьць папулярызацыі нашай партыі і яе праграмы”, – сказаў партыец.

С. Горкі

Крыніца — «Віцебская вясна»