Дзмітрый Кудранок («Справядлівы свет»): Гульня ў лібералізацыю завершыцца.

«Сёлета ў так званы парламент прапусцяць толькі самых лаяльных, бо наперадзе прэзідэнцкая кампанія», – кажа сябра партыі левых «Справядлівы Свет» Дзмітрый Кудранок, які мае намер балатавацца па Пінскай акрузе.

Актывіст адзначае, што гульня ў лібералізацыю будзе завершаная, бо гэта рэальна шкодзіць дзейснай уладзе:

– Тыя, хто сядзяць у гэтых вялікіх крэслах, яны добра разумеюць, што як толькі людзі адчуюць свабоду, то такую ўладу вельмі хутка памяняюць на іншую, на нармальную, на народную. Таму ніякай лібералізацыі не будзе, гэта ўсяго спосаб затлуміць галаву тым, хто слаба разбіраецца ў палітычных працэсах. Больш таго, хутчэй за ўсё, будуць спробы заціснуць грамадства ў такія межы, каб ніхто не змог нічога зрабіць.

Цэнтральная выбарчая камісія прапанавала правесці выбары ў Савет Рэспублікі 7 лістапада, а ў Палату прадстаўнікоў – 17-га лістапада. Чакаецца, што канчатковае рашэнне па датах будзе прынятае напачатку жніўня.

Крыніца- «Радыё Рацыя»