Сяргей Калякін (“Справядлівы свет”): Любы байкот толькі пакажа людзям, што гэтай уладзе няма альтэрнатывы.

Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін распавёў, чаму яму не цікава ініцыятыва прадстаўнікоў апазіцыі. Адзінага кандыдата ад апазіцыі, якога выбіраюць праз праймерыз, яшчэ не абралі, а скандалы ў гэтай “тусоўцы” ўжо пачаліся. Былая дэпутатка Ганна Канапацкая пачала адпускаць “шпількі” ў бок выконваючага абавязкі старшыні АГП Мікалая Казлова, той таксама выказаўся ў адказ.

Сяргей Калякін: Я не сачу за тым, што адбываецца вакол абрання адзінага кандыдата, бо мне гэта наогул не цікава. Казаў і кажу зараз, што, на мой погляд, няправільна ў беларускіх рэаліях ствараць нейкага адзінага кандыдата, бо ў нас жа розны электарат, які прытрымліваецца розных поглядаў – эканамічных, палітычных, геапалітычных. Стварэнне адзінага кандыдата будзе не столькі аб’ядноўваць людзей, колькі адштурхоўваць народ ад адзінага. Таму не лічу, што такое яднанне наогул патрэбна. Яшчэ разумею, калі яднаюцца больш-менш роднасныя арганізацыі, якія не падзяляюць свой электарат. Але калі як быццам да яднання імкнуцца людзі з абсалютна рознымі поглядамі, тады і пачынаюцца такія скандалы, якія мы ўжо бачым зараз. А гэта нікому не патрэбна.

РР: Але вы будзеце прымаць удзел у выбарах?

Сяргей Калякін: Удзельнічаць у кампаніі трэба абавязкова. Ёсць, натуральна, тыя, хто выступае за байкот, але гэта поўнае глупства. Калі б улада на самой справе лічыла падчас выбараў галасы, то мы даўно б жылі ў іншай краіне. Таму любы байкот усяго толькі пакажа людзям, што гэтай уладзе няма альтэрнатывы. Вось, маўляў, паглядзіце – гэтая ўлада дрэнная, але нічога ўзамен мы вам не прапаноўваем. Жывіце з тым, што ёсць.

РР: Як вы збіраецеся выкарыстаць гэтую прэзідэнцкую кампанію?

Сяргей Калякін: Трэба тлумачыць народу, што насамрэч адбываецца ў Беларусі, і што мы прапаноўваем змяніць. Людзі ў нас разумныя, разбяруцца, таму трэба заваёўваць іх сімпатыі. І паказваць, што ўлада робіць не так. Галоўнае – гэта перамагаць электаральна ў галовах людзей. Калі ў іх галовах будзе складвацца іншая карціна, яны будуць інакш сябе паводзіць.

Крыніца — «Радыё Рацыя»