Супольная заява палітычных партый Беларусі супраць палітычна матываванага крымінальнага пераследу на падставе членства ў партыях

18 студзеня суд Лідскага раёну вынес абвінаваўчы прысуд у дачыненні да сябры Сойму Партыі БНФ Вітольда Ашурка, прысудзіўшы яму пяць гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у жнівеньскіх акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта.

Справа Вітольда Ашурка стала працягам маштабнай кампаніі рэпрэсіяў супраць палітычных апанентаў аўтарытарнай улады, іншадумцаў і дзеячоў грамадзянскай супольнасці. Разам з журналістамі, праваабронцамі, блогерамі і ўдзельнікамі мірных акцыяў пратэсту, актывсіты палітычных партыяў сталіся мішэнню для рэпрэсіяў ад самага пачатку мінулагодняй выбарчай кампаніі. Лідэры і актывісты шэрагу партыяў рознага ідэалагічнага кірунку знаходзяцца за кратамі паводле палітычна матываваных прысудаў. Мы заклікаем да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў і спынення рэпрэсіяў. 

Разам з тым у справе Вітольда Ашурка паўстала акалічнасць, якая можа сведчыць пра надыход новай, яшчэ больш абуральнай і непрыймальнай рэпрэсіўнай практыкі. У межах судовага разбору ў якасці аднаго з доказаў узгадвалася сяброўскае пасведчанне, выдадзенае Вітольду Ашурку як сябры Партыі БНФ згодна з патрабваннем часткі 10 артыкула 13 Закона “Аб палітычных партыях”. Азначанае сяброўскае пасведчанне было ўзгаданае ў прысудзе ў якасці рэчавага доказу. Суд пастанавіў знішчыць сяброўскае пасведчанне сябры Партыі БНФ Вітольда Ашурка. 

Судовы працэс па справе Вітольда Ашурка разглядаўся ў закрытым рэжыме, хоць для таго не было законных падставаў. У сілу гэтага грамадзкасць не можа даць поўную ацэнку таго, якім чынам і дзеля якой мэты абвінавачанне прадставіла для судовага разгляду сяброўскае пасведчанне члена партыі, якія абставіны абвінавачанне даказвала гэтым дакументам, якая ацэнка гэтаму была дадзеная судом з пункту гледжання крытэраў датычнасці, дапушчальнасці, дастатковасці і законнасці атрымання доказаў. 

Згодна з артыкулам 3 Закона “Аб палітычных партыях”, прыналежнасць альбо непрыналежнасць грамадзяніна да палітычнай партыі не могуць служыць падставай для абмежавання яго правоў і свабодаў.

Уключэнне ў склад доказаў па справе дакумента пра сяброўства абвінавачанага ў палітычнай  партыі з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем палітычнай скіраванасці гэтай крымінальнай справы і можа сведчыць пра з’яўленне новай формы палітычных рэпрэсіяў, калі прыналежнасць чалавека да легальнай палітычнай партыі можа служыць падставай для крымінальнага пераследу, для выстаўлення абвінавачання ў палітычным злачынстве альбо для пацверджання абцяжарваючых абставінаў. 

Гэты прысуд выклікае асаблівую трывогу ў сувязі з тым, што органы юстыцыі цяпер працягваюць маштабную праверку беларускіх партыяў, у тым ліку запатрабаваўшы персанальныя спісы сябраў партый.

З улікам выкладзенага, мы, прадстаўнікі палітычных партыяў Беларусі, 

  • заяўляем, што выкарыстанне факта сяброўства ў палітычнай партыі ў межах крымінальнай справы, вывучэнне ў якасці доказу абвінавачання па судовай справе сяброўскага пасведчання і вынясенне судом пастановы пра знішчэнне сяброўскага пастведчання сябры партыі супярэчыць патрабаванням Закона “Аб палітычных партыях” і нормам артыкулаў 98 і 105 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса; 
  • перасцерагаем улады ад разгортвання новай формы палітычных рэпрэсіяў у сувязі з прыналежнасцю людзей да палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку са злоўжываннем фармальнымі патрабаваннямі закона датычна абавязковасці фіксаванага сяброўства ў аб’яднаннях і парадку ўліку сябраў партыяў і рухаў. 

Свабоду Вітольду Ашурку! Свабоду ўсім палітычным вязням!

 

   Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады)     Ігар БАРЫСАЎ

   Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі                 Мікалай КАЗЛОЎ

   Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет»             Сяргей КАЛЯКІН

   Старшыня Партыі БНФ                                 Рыгор КАСТУСЁЎ

   Старшыня Беларускай партыі «Зялёныя»                     Зміцер КУЧУК

   Старшыня ЦР Партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада     Сяргей ЧЭРАЧЭНЬ